СЛО́НІМСКІЯ МАНУФАКТУ́РЫ У 2-й пал. 18 ст. ў г. Слонім вял. гетман ВКЛ Міхал Казімір Агінскі (гл. ў арт. Агінскія) засн. мануфактуры, якія выраблялі шаўковыя тканіны. «персідскія дываны», кілімы і інш. тканыя рэчы. Росквіт вытв-сці дываноў прыпадаў на 1788—92. У 1820—1914 дзейнічалі 2 суконныя, саламяных каўпакоў (1895—1914) і гарбарная (1905) мануфактуры. Суконная мануфактура (засн. ў 1820) у 1828 мела 28 ткацкіх, 8 фарбавальных станкоў, 15 прадзільных, 9 часальных, 7 ворсавых, 20 стрыгальных машын, валюшню, прэс; працавалі 162 рабочыя, 12 майстроў. На 1-й Усерас. прамысл. выстаўцы (Пецярбург, 1829) мануфактура адзначана малым залатым медалём. У 1833 атрымала права мець на сваіх вырабах дзярж. герб. На 4-й Усерас. прамысл. выстаўцы (Масква, 1835) адзначана вял. залатым медалём. Другая суконная мануфактура ў 1823 мела 13 ткацкіх станкоў, працавала 111 вольнанаёмных рабочых На мануфактуры саламяных каўпакоў (для ўпакоўкі бутэлек) у 1900 працавала 65 чал. На гарбарнай мануфактуры працавала 90 чал.

т. 15, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)